СА́ЛТАВА-МАЯ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура паўкачавых народаў, што жылі ў 8—9 ст. у бас. р. Дон і Прыазоўі. Назва ад Салтаўскага могільніка каля с. Верхняе Салтава (Харкаўская вобл., Украіна) і Маяцкага гарадзішча каля ўпадзення р. Ціхая Сасна ў р. Дон (Варонежская вобл., Расія). Вядома больш за 200 помнікаў культуры: рэшткі качэўяў, пасёлкаў, замкаў, гарадоў (Саркел, Таматарха, Фанагорыя), могільнікаў. Мае 2 варыянты: лесастэпавы — аланскі (гл. Аланы) і стэпавы — балгарскі (гл. Балгарыя Волжска-Камская). Для 1-га характэрны земляробчыя тыпы паселішчаў і катакомбавы абрад пахавання; для 2-га — качэўі і ямныя пахаванні.
т. 14, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)